Я́КАЎ ПАЛАЧА́НІН,
адзін з герояў Неўскай бітвы 1240 паміж наўгародцамі і шведамі, лоўчы наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага), ураджэнец Полацка. «Жыціе Аляксандра Неўскага» называе яго 3-м сярод 6 «мужей храбрых и сильных», якія вызначыліся ў бітве. Я.П. наехаў на варожы полк з мячом «и мужествовал», за што атрымаў пахвалу князя. У позніх кніжных мініяцюрах са сцэнамі Неўскай бітвы захавалася выява Я.П. З’яўленне Я.П. ў Вял. Ноўгарадзе і яго высокае становішча пры двары князя было звязана, відаць, са шлюбам Аляксандра Яраславіча з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239.
Літ.:
Мансикка В. Житие Александра Невского: Разбор редакций и текст. [СПб.], 1913.
В.А.Варонін.
т. 18, кн. 1, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)